ТЭ́ХНІКА БЯСПЕ́КІ,

сістэма арганізацыйных мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў, якія прадухіляюць уздзеянне на работнікаў небяспечных вытв. фактараў; ахова ўсяго арганізма чалавека або асобных яго органаў ад неспрыяльнага ўплыву тэхнал. працэсаў, тэхн. сродкаў і прадметаў працы. Сістэма нарматыўных актаў Т.б. Рэспублікі Беларусь, заснаваная на Канстытуцыі і Кодэксе законаў аб працы, абавязковая для выканання ўсімі арг-цыямі незалежна ад формы ўласнасці.

Арганізац. мерапрыемствы па Т.б. ўключаюць: інструктаж і навучанне работнікаў бяспечным і бясшкодным метадам працы, карыстанню ахоўнымі сродкамі, распрацоўку і ўкараненне рэгламентаў працы і адпачынку пры выкананні цяжкіх работ у шкодных умовах і г.д. Паводле сферы выкарыстання адрозніваюць адзіныя правілы па Т.б. для ўсіх галін нар. гаспадаркі; міжгаліновыя, што рэгламентуюць бяспеку працы для пэўнага віду работ у розных галінах вытв-сці; галіновыя, якія адносяцца да канкрэтнай вытв-сці. Абавязкі па Т.б. заканадаўствам ускладзены на наймальніка. Нагляд і кантроль за яе выкананнем ажыццяўляюць спец. ўпаўнаважаныя органы, прафсаюзы, Саветы дэпутатаў, мін-вы і ведамствы, пракуратура. Гл. таксама Ахова працы.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)